БЕЛАРУ́СКАЯ ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДА свіней, універсальнага кірунку прадукцыйнасці. Зацверджана ў 1976. Выведзена на Беларусі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. свіней з даўгавухімі і караткавухімі свіннямі, йоркшырамі, беркшырамі, тэмворсамі і буйнымі чорнымі. Сучасныя лініі маюць «кроў» ландрасаў і эстонскай беконнай пароды. Парода складаецца з 9 ліній і 26 сямействаў і роднасных груп матак. Вядучыя племзаводы на Беларусі ў Капыльскім, Ляхавіцкім і Горацкім р-нах.
Свінні пераважна мяса-сальнага і мяснога тыпаў, моцнай канстытуцыі, вынослівыя, высокапрадукцыйныя. Жывая маса дарослых кныроў 310—340, матак 240—250 кг, даўж. тулава адпаведна 184 і 161 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос.
т. 2, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)